Міхаіл Баярын
пагляд вандроўніка, захоплены ў палон
вачэй і вуснаў навіной імклівай
вядзі яго да прывіднай вяршыні,
над прорвай цішыні ўзрастаючы мастом
покі хмара не знае,
чым упадзе на дол,
неба яшчэ гадае,
чым разарве прастор,
тое, чаго не ззяе,
зараз ужо маўчыць,
тое, што гукам стане,
зараз ужо дрыжыць
дзе мая зора, я да якой ішоў
добра бачыў удзень, а ўначы згубіў
ці згасла таму назад мільярды гадоў
ці вочы аслеплі ад яе блізіні
як адрозніць цяпер адну між гэтых агнёў
у пагражаючым вечнай цемрай небе душы
па-над белай зямлёй
тонкай чорнай змяёй
як ты цячэш, рака,
зараз, калі няма
нават маіх слядоў
тых каля берагоў,
дзе над ціхай вадой
мы маўчалі з табой
колькі гадоў мінула, што ўсе забылі калі
былі замкнутыя дзверы і зніклі гаспадары
куды растуляюцца брамы, каго спыняюць муры
хто вырабіў з золку явы ад іх залатыя ключы
дзе іх знайшоў твой позірк, як увайшоў сюды
як могуць з пачатку свету чакаць тут твае сляды
рукі начных нябёс
гладзяць твае валасы
ты гледзіш у вочы зор
і пазнаеш сябе
і з кожным дотыкам ты
будзеш усё танчэй
а вочы начных нябёс
будуць далей расці